СТЭНАТО́ПНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад стэна... + грэч. topos месца),

арганізмы, якія жывуць у месцах са спецыфічнымі, вельмі абмежаванымі ўмовамі асяроддзя. Найб. моцна пакутуюць ад знішчэння іх месцаў пражывання, часцей выміраюць. На Беларусі да С.а. належаць расліны сфагнавых балот (багун балотны, расіцы, журавіны) і пясчаных глеб (скочкі, расходнік едкі, асака пясчаная), з жывёл — палятуха звычайная, рабчык і крыжадзюбы (насельнікі хвойных лясоў), берагавая ластаўка і зімародак (жывуць на стромкіх берагах) і інш. Проціпастаўляюць эўрытопным арганізмам.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)